Карціны гэтага гарадзенца каштавалі больш за працы Пікасо і Матыса.
Мастак, стэнограф, кніжны ілюстратар, майстар станковага жывапісу і тэатральнай графікі. Арганізатары выставы Льва Бакста раскрываюць усе бакі творчасці знакамітага гарадзенца: сярод экспанатаў — і касцюмы да вядомых балетаў Дзягілева.
На пачатку 20-га стагоддзя творы Бакста каштавалі больш за працы Пікасо іМатыса, а ягоныя тэатральныя працы паказвалі ў Луўры. Нарадзінец Горадні і цяпер добра вядомы за мяжою, але не ў Беларусі. Шмат у чым віною сталіся савецкія ўлады, што не прызнавалі ні мадэрну, ні творцаў габрэйскага паходжання.
Экспазіцыя адкрылася дзякуючы «Белгазпрамбанку», які валодае самым багатым прыватным зборам станковых твораў Льва Бакста ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.
ВІКТАР БАБАРЫКА, СТАРШЫНЯ ПРАЎЛЕННЯ ААТ «БЕЛГАЗПРАМБАНК»:
«2016 год быў абвешчаны годам Бакста, а пра тое, што ён будзе годам Бакста мы даведаліся два гады таму. Куратар гэтай выставы Уладзімір Рыгоравіч Шчасны, ён настойліва нам прапанаваў гэтую ідэю і, уласна, значыць, сышло досыць шмат часу, каб знайсці добрагаБакста».
Наведнік экспазіцыі можа ацаніць не толькі самога Бакста, але і мастацкі кантэкст ягонага часу. На выставу трапілі працы вучня Бакста Марка Шагала, а таксама Міхаіла Врубеля, Ісаака Левітана, Аляксандра Бэнуа, Мікалая Рэрыха. Упершыню за стагоддзе можна пабачыць арыгіналы Мікалоюса Чурлёніса. А акварэляў Напалеона Орды ў Беларусі не было ніколі.
УЛАДЗІМІР ШЧАСНЫ, КУРАТАР ВЫСТАВЫ:
«Бакст нарадзіўся ў Горадні. І мы думалі, як гэта адлюстраваць. Паказваць нейкія фатаграфіі было б банальна. Тады мы ўспомнілі, што ў той момант, як нарадзіўся Бакст у Горадні, яго маляваў Напалеон Орда. Мы вырашылі папрасіць Кракаўскі Нацыянальны музей даць нам выявы Горадні таго перыяду. Папрасілі 12, бо, каб папрасілі больш, Напалеон Орда мог бы, так сказаць, пакінуць у цені самога Бакста».
Выстава працягнецца да 17 красавіка. Пасля праект адправіцца ў сталіцы Літвы і Латвіі. Завершыць сваё турнэ экспазіцыя на радзіме мастака — у Новым замку ў Горадні.
Валерыя Уласік, Сяргей Будкін, Марына Вашкевіч, «Белсат»