У рамках выканання сваёй сацыяльнай місіі ў 2018 годзе Банк працягнуў рэалізацыю маштабных адукацыйных, дабрачынных і культурных праектаў, аб'яднаных у наступных напрамках:
- фінансаванне аб'ектаў дзіцячай рэабілітацыі, сацыяльнай абароны і аздараўленні;
- фінансаванне праектаў у галіне культуры і мастацтва;
- фінансаванне праектаў па падтрымцы айчыннага спорту;
- фінансаванне асветніцкіх і адукацыйных праграм.
Пералік канкрэтных аб'ектаў, якія адлюстроўваюцца ў каштарысе выдаткаў па прадастаўленні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, зацвярджаецца штогод радай дырэктараў Банка.
Пры гэтым спонсарскую (дабрачынную) дапамогу Банк імкнецца аказваць з дапамогай спецыяльна створанага інструментарыя – міжнароднага фонду дапамогі дзецям «Шанс», цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» і цэнтра выяўленчага мастацтва «Новая культурная ініцыятыва».
Так, у прыватнасці, летась дзякуючы падтрымцы ААТ «Белгазпрамбанк» Фонд «Шанс» прадоўжыў рэалізацыю праграм па аказанні адраснай дабрачыннай дапамогі на аплату лячэння хворым дзецям, а таксама праграм, якія рэалізуюцца ў рамках Пагаднення з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь пры фінансавай падтрымцы партнёраў фонду: ААТ «Белгазпрамбанк», ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» і некаторых іншых. Фондам і Міністэрствам аховы здароўя былі падпісаны 3 новыя праграмы дапамогі дзецям: «Хірургічнае лячэнне эпілепсіі ў дзяцей», «Дапамога дзецям з хваробай Крона і язвавым калітам», «Дапамога дзецям з туберозным склерозам».

На працягу 2018 года дапамога аказана 141 дзіцяці на агульную суму больш за 1,8 мільёна беларускіх рублёў. За гэтымі лічбамі – дарагія лекавыя прэпараты, аперацыі, расходныя матэрыялы, спецыялізаваныя перавязачныя матэрыялы і сродкі па догляду за скурай, медыцынскае абсталяванне.
Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь на міжнародным сімпозіуме ўручыла Фонду «Шанс» падзяку за плённае супрацоўніцтва і паспяховую рэалізацыю сумесных праектаў, накіраваных на захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей.

На працягу года планамерна ішло развіццё глабальнага праекта Белгазпрамбанка – культурнага інкубатара «ОК16», які фарміруецца ў беларускай сталіцы на базе набытых завадскіх памяшканняў па вул. Кастрычніцкая, 16. Гэта пляцоўка развіваецца ў напрамку культурнага кластара, закліканага інтэграваць КСА-праекты Белгазпрамбанка ў адзіную экасістэму. За мінулы год яе патэнцыял значна ўзрос, і сёння яна дае магчымасць увасабляць у жыццё такія задачы, як вытворчасць новай культурнай прадукцыі, поўнае суправаджэнне мэтавых праектаў любой складанасці, вытворчасць сімвалічнага капіталу.
Сярэдняя колькасць мерапрыемстваў у месяц дасягнула 25, а агульная наведвальнасць пляцоўкі ў месяц – да 5000 чалавек.
На працягу 2018 года ў прасторы крэатыўнага хаба «ОК16» праходзілі мерапрыемствы самага шырокага профілю:
- Тэатральна-харэаграфічныя фестывалі;
- Музычныя фестывалі сучаснай электроннай музыкі;
- Фестывалі гарадской культуры;
- Музычныя канцэрты;
- Канферэнцыі, паказы і прэзентацыі;
- Унутраныя канферэнцыі Белгазпрамбанка;
- Мастацкія выставы.
Асобнай увагі заслугоўваюць рэалізаваныя на базе «Ок16» праекты «Арт-рэзідэнцыя Summerspace ОК16» і «Ноч Музеяў X-Change».

Пры дзейным арганізацыйным удзеле цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» прайшоў VIII Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ».
Праграма «ТЭАРТ» на тры тыдні зноў насыціла культурнае жыццё Мінска выдатнымі і запамінальнымі спектаклямі і мерапрыемствамі: шоукейсам Belarus Open, міжнароднай праграмай і адукацыйным праектам Школа «ТЭАРТ».
У рамках міжнароднай праграмы Форума было паказана 9 спектакляў з 7 краін свету: Літвы, Паўднёвай Карэі, Фінляндыі, Расіі, Польшчы, Бельгіі і Францыі. Амаль усе з іх з'яўляюцца прызёрамі і ўдзельнікамі найбуйнейшых міжнародных тэатральных фестываляў: Авіньёнскага, «Залатая Маска» і г.д.
У праграму «Belarus Open», якая ставіць за мэту як мага больш поўна адлюстраваць тэатральны працэс у сучаснай Беларусі, увайшлі 10 лепшых беларускіх спектакляў, створаных за апошнія тры гады.
На новы віток свайго развіцця выйшаў нацыянальны гісторыка-культуралагічны праект «Арт-Беларусь»М. Пад эгідай Цэнтра выяўленчага і медыя мастацтва «Новая культурная ініцыятыва» быў рэалізаваны цэлы шэраг маштабных ініцыятыў – як у выставачнай, так і бібліятэчнай галінах.
З поспехам прайшлі такія мастацкія праекты, як Міжнародны фестываль мастацтва «Арт-Мінск» і «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам», якія наведалі звыш 30 тысяч чалавек.
На краўдфандынгавай платформе «Улей» стартаваў праект «Голасу Утопіі», прысвечаны выданню цыкла кніг Нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч на беларускай мове ў найноўшым перакладзе лепшых літаратараў краіны. Кампанія па зборы сродкаў пры падтрымцы Белгазпрамбанка прыцягнула 232 тысячы беларускіх рублёў і стала самай маштабнай у гісторыі беларускага краўдфандынгу, а таксама - адной з найбуйнейшых у СНД. Кнігі перададзены ў бібліятэкі, адукацыйныя і культурныя ўстановы Мінска і практычна ўсіх абласцей рэспублікі.
Асобным тыражом быў выдадзены альбом «Шэдэўры з карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка», адзначаны спецыяльным дыпломам XV міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» дзяржаў - удзельніц СНД.
Традыцыйна парадавала балельшчыкаў абноўленая каманда Брэсцкага гандбольнага клуба ім. А.П. Мяшкова, майстэрства якой расце год ад года. Коратка пералічым асноўныя дасягненні клуба:
- чэмпіён Рэспублікі Беларусь (у 10-ы раз);
- уладальнік Кубка Рэспублікі Беларусь (у 11-ы раз);
- выхад у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў сезона 2017-2018 (у 3-і раз запар);
- удзельнік Фіналу чатырох SEHA-Газпрам Лігі (Скоп'е, Македонія);
- пераможца турніру «Кубак Рыіхімякі-2018» (Рыіхімякі, Фінляндыя);
- пераможца «Кубка Белгазпрамбанка-2018» (у 7-ы раз);
- бронзавы прызёр «Еўратурніру-2018» (Страсбург, Францыя).