У хуткім часе беларусы змогуць купляць не толькі залатыя мерныя зліткі, але і срэбра, плаціну, а таксама каштоўныя камяні. Аб гэтым паведаміў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Пётр
Пракаповіч. Паводле яго слоў, цяпер назапашваецца неабходны запас каштоўных металаў і каштоўных камянёў.
Бурнае развіццё "залатога" рынку заахвоціла спецыялістаў Нацбанка задумацца і над тым, каб прадаваць насельніцтву іншыя каштоўныя металы. У гэтым годзе прададзена ўжо больш за 300 кілаграмаў золата
у мерных злітках. Хутчэй за ўсё, попыт на яго зніжацца не будзе, а нават наадварот — ўзрасце, асабліва ў святле таго, што беларускія банкі ўжо пачалі адкрываць так званыя ўкладныя
металічныя рахункі ў золаце. Прасцей кажучы, на залатых злітках ужо можна зарабляць працэнты. Трэба меркаваць, што і срэбра з плацінай і каштоўнымі камянямі таксама стануць у недалёкай будучыні
прыносіць даход.
"Мы сёння прапрацоўваем пытанні, каб пашырыць сферу продажу каштоўных металаў, — заявіў Пётр Пракаповіч. — Разам з золатам мы будзем прадаваць срэбра і плаціну
— віды каштоўных металаў, якія карыстаюцца найбольшым попытам у свеце. Мы будзем рэалізоўваць іх у тым ліку і нашаму насельніцтву. Тут пытанне знаходзіцца на стадыі фарміравання неабходных
нарматыўных дакументаў і падрыхтоўкі фізічных аб'ёмаў, то ёсць мерных зліткаў, якія можна было б прадаць насельніцтву. Што тычыцца стварэння такіх жа умоў па рэалізацыі каштоўных камянёў, то мы
да гэтай працы таксама прыступілі загадзя. У цяперашні час ужо створаны фонд каштоўных камянёў Нацыянальнага банка. Пакуль ён нязначны, там невялікія аб'ёмы".
Даць справаздачу аб тым, як ідзе падрыхтоўка фонду каштоўных металаў і камянёў, кіраўнік Нацбанка будзе гатовы ў канцы года. Што тычыцца камянёў, то, па яго словах, сёння гэты сегмент рынку яшчэ не можа
развівацца з-за адсутнасці неабходных нарматыўных актаў. Але ў бліжэйшы час нарматыўная база павінна з'явіцца, і Нацбанк зможа прадаваць каштоўныя камяні разам з каштоўнымі металамі.
"Насельніцтва зможа свабодна, у неабмежаванай аб'ёме і на легальных падставах купляць каштоўныя камяні. Гэта вырашыць праблему задавальнення попыту насельніцтва і ювелірных майстэрняў —
за кошт нашых унутраных рэсурсаў. Рынак стане празрыстым і абсалютна даступным", — рэзюмаваў Пётр Пракаповіч.
Юлія ШАРОВА
Беларускія навіны