16 снежня 2014 года паміж ААТ «Белгазпрамбанк» і Commerzbank AG падпісана базавае крэдытнае пагадненне, у рамках якога Белгазпрамбанк зможа прыцягваць у нямецкага банка доўгатэрміновае фінансаванне пад страхавое пакрыццё экспартных крэдытных агенцтваў.
Прыцягнутыя сродкі будуць накіраваныя Белгазпрамбанкам на мэты крэдытавання набыцця беларускімі кампаніямі прамысловага абсталявання, тэхнікі, капітальных тавараў, работ і паслуг з Германіі, Францыі, Чэхіі і іншых краін Еўрапейскага саюза.
У ходзе цырымоніі падпісання намеснік старшыні праўлення ААТ «Белгазпрамбанк» Сяргей Шабан падзякаваў Commerzbank AG за шматгадовае паспяховае ўзаемадзеянне ў сферы гандлёвага фінансавання і адзначыў, што пашырэнне супрацоўніцтва з Commerzbank AG з выкарыстаннем новага інструмента павысіць магчымасці Белгазпрамбанка па падтрымцы праектаў прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь. Доўгатэрміновае фінансаванне пад страхавое пакрыццё экспартных крэдытных агенцтваў стане для кліентаў банка выдатнай магчымасцю рэалізаваць перспектыўныя інвестыцыйныя праекты. З боку Commerzbank AG Дырэктар Дэпартамента экспартнага фінансавання Ральф Лерх выказаў упэўненасць, што падпісанне пагаднення дыверсіфікуе магчымасці двух банкаў па падтрымцы доўгатэрміновых інвестыцыйных праектаў сваіх кліентаў, і ў цэлым будзе спрыяць росту экспарту ў Рэспубліку Беларусь прадукцыі не толькі нямецкіх вытворцаў, але таксама вытворцаў з іншых еўрапейскіх краін.
Белгазпрамбанк, заснаваны ў 1990 годзе, кантралюецца групай «Газпром» і займае ў Беларусі вядучыя пазіцыі ў сферы фінансавай падтрымкі прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу.
Commerzbank AG, заснаваны ў 1870 годзе, у цяперашні час з'яўляецца адным з найбуйнейшых банкаў Германіі і Еўропы. Банкаўская група Commerzbank AG прадстаўлена ў 50 краінах, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь, і абслугоўвае больш за 15 млн. рознічных і больш за 1 млн. карпаратыўных кліентаў. Банк з'яўляецца адным з сусветных лідэраў у галіне ажыццяўлення дакументарных аперацый і прадастаўлення разліковых паслуг.