22 кастрычніка на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы адбылося ўрачыстае закрыццё IV Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ».
Фестывальныя дні праляцелі вельмі хутка. Здаецца, зусім нядаўна, 3 кастрычніка, на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета адбылося ўрачыстае адкрыццё тэатральнага форуму прэм'ерай балета «Жар-птушка» Ігара Стравінскага ў пастаноўцы Андрыса Ліепы. А закрыла «ТЭАРТ» чарговая прэм'ера – спектакль «Тата» па п'есе Дзмітрыя Багаслаўскага ў пастаноўцы Кацярыны Аверкавай.
Што закрываў форум «ТЭАРТ» спектакль «Тата», прымеркаваны да 80-гадовых юбілеяў выбітных акцёраў Купалаўскага тэатра Генадзя Аўсяннікава і Генадзя Гарбука, распавядае аб вечных каштоўнасцях чалавечага жыцця на мове сучаснай драматургіі. Няпростыя ўзаемаадносіны паміж адзінокім дарослым сынам і яго бацькам пры жыцці і пасля смерці складаюць складаную канву апавядання, якое балансуе на мяжы сну і рэальнасці.
– За мінулыя гады «ТЭАРТ» сапраўды стаў яркай падзеяй у культурным жыцці Беларусі. Нашы гледачы пазнаёміліся з лепшымі еўрапейскімі і сусветнымі спектаклямі, – сказаў на ўрачыстай цырымоніі закрыцця «Тэарта» мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін. — Акрамя таго, немагчыма не звярнуць увагі на беларускую праграму. Яна існуе не першы год, але ў такім аб'ёме была прадстаўлена ўпершыню.
– Фінал – гэта заўсёды ўрачыста і трохі сумна,– адзначыла дырэктар цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» Анжаліка Крашэўская. – Але ў нашай сітуацыі, калі мы закрываем фестываль прэм'ерай, якой наканавана жыць у гэтым тэатры дастаткова доўга, ёсць надзея, што наш форум у цяперашнім фармаце будзе таксама жыць доўга і прыносіцьлюдзям радасць знаёмства з сучасным тэатрам. І сённяшняе закрыццё, спектакль маладога рэжысёра з геніяльнай трупай Купалаўскага тэатра – гэта своеасаблівая кропка, добрае завяршэнне і адначасова пачатак новага тэатральнага сезона-2015.
«ТЭАРТ» завершаны, але тэатральнае жыццё працягваецца — спектакль «Тата» можна ўбачыць на сцэне Купалаўскага тэатра 23 і 24 кастрычніка
Цяперашні тэатральны форум прадставіў тэатральныя праекты з усяго свету, уключаючы спектаклі прызнаных за мяжой беларускіх рэжысёраў. Гледачы ўбачылі пастаноўкі калектываў з 8 краін: Германіі, Даніі, Славеніі, Польшчы, Латвіі, Расіі, Літвы і Беларусі ў самых розных жанравых варыяцыях. Арганізатарамі гэтага ўнікальнага тэатральнага свята выступілі Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» і ААТ «Белгазпрамбанк» пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і генеральнага партнёра ААТ «Газпром трансгаз Беларусь».
Фота: Наталля Кашэўская, прэс-служба форуму «ТЭАРТ»